Пахне чабор


Хiба на вечар той можна забыцца?
Сонца за борам жар-птушкай садзiцца.
Штосьцi спявае пяшчотнае бор.
Пахне чабор. Пахне чабор...

Лёгкiя крокi на вузкай сцяжынцы -
дзеўчына ў белай iскрыстай хусцiнцы,
быццам абсыпана промнямi зор.
Пахне чабор. Пахне чабор...

Выйсцi б насустрач, стаць i прызнацца:
вось яно - блiзкае, яснае шчасце!
Клiкнуць хацелася - голас замёр.
Пахне чабор. Пахне чабор...

Год адзiнаццаць, а можа дванаццаць
сэрца балiць, што не здолеў спаткацца,
сэрца нязменна хвалюе дакор.
Пахне чабор. Пахне чабор...

Час той схаваўся за дальняй гарою.
Здасца хвiлiнай - яна прада мною.
Выйду. Гукаю. Маўклiвы прастор.
Пахне чабор. Пахне чабор...

Пятрусь Броўка.